Гісторыя – гэта падзеі, якія ствараюць людзі

Дар’я Роскач – бабруйчанка, якая выкладае моўныя курсы для дзетак і дарослых, мастачка і паэтка. А яшчэ часам Даша наносіць грым і пераўтвараецца ў «гістарычнага бабра», каб распавесці цікавосткі з гісторыі Бабруйску – хутка, зразумела і захапляльна. Мы гутарылі з Дашай, калі яна толькі пачала ствараць тыкток, і прыйшлі з пытаннямі зноў, каб даведацца, як ідуць справы. 

Ты стварала гістарычнага бабра, каб распавядаць гісторыю менавіта дзецям і падлеткам, ці атрымалася трапіць у мэтавую аўдыторыю? 

— Насамрэч, атрымалася так, што з цягам часу на тыкток сталі звяртаць увагу больш дарослыя: пасля 20 год, большасць – да 35 (але яны таксама адносяцца да моладзі па класіфікацыі). Ёсць людзі і нашмат старэйшыя – тыя, каму таксама цікава, хто не ведаў чагосьці з гісторыі гораду. Ёсць людзі, якія самі з Бабруйску, але жывуць далёка. Таму атрымалася, што мэтавая аўдыторыя трошкі «падрасла». І «гістарычны бабёр» заходзіць больш дарослай моладзі, іх не засмучвае грым бабра, для іх гэта даволі прыкольна.

Але людзі больш старэйшыя ўжо не разумеюць, што гэта за бабёр такі, бываюць пытанні, кшталту, а што ў мяне з тварам, – але яны таксама глядзяць.

Што, з твайго досведу, сапраўды працуе, каб зацікавіць падлеткаў гісторыяй?

— Тут складана, бо зараз такі час, калі падлеткі вельмі хутка спажываюць інфармацыю, і яны вельмі засяроджаны не на сур’ёзных гістарычных пытаннях, а на больш разважальных. Грае ролю і тое, што яны стомленыя школамі, стомленыя тым, што трэба штосьці вучыць – а тут ім яшчэ падкідваюць нейкую дадатковую інфу. І калі ў дзіцёнка няма зацікаўленасці да гісторыі – вельмі складана на гэта выйсці.

Імаверна, праз нейкі час яны да гэтага кантэнту будуць вяртацца, ужо больш дарослыя. То бок, гэты кантэнт своеасаблівы, ён больш цікавы людзям пасля 18: калі яны пачынаюць вызначаць, хто яны, што яны, адкуль, цікавяцца нейкімі сувязі са «сваім». І вось на іх кантэнт заходзіць, а падлеткі яшчэ не так глыбока пра гэта задумваюцца, хаця ёсць асобныя людзі, якім гісторыя цікавая і ў 15 год.