Чаму Леніна не прыбіраюць з плошчы? Ці трэба вырабляць зефір для баброў са смакам апілак? А што, калі зрабіць у горадзе бабровую кавярню? – распавядае Гістарычны Бабёр!
Вы не чакалі, а мы ўзялі і абсалютна неіранічна (амаль) паразмаўлялі з Гістарычным Бабром – персанаж з тыктока адказаў на самыя розныя пытанні пра жыццё бабра ў чалавечым свеце, гісторыю і мемы.
Чаму ты вырашыў распавядаць людзям гісторыю?
— Так атрымалася, што з самога дзяцінства мне было цікава, дзе я жыву, што мяне аточвае, і неяк так я прыйшоў да таго, што гісторыя – важны складальнік жыцця любога бабра і, напэўна, любога чалавека.
Наколькі можна давяраць бабру ў гістарычных пытаннях, а раптам ты ўсё выдумляеш?
— Любому гісторыку, незалежна ад яго віду і паходжання, вельмі важна даследваць некалькі розных крыніц – так я і раблю. Таму, думаю, што мой навуковы падыход не моцна адрозніваецца ад таго, які выкарыстоўваюць людзі.
Якая са скульптур бабра ў Бабруйску табе найбольш падабаецца?
— Насамрэч, я люблю іх усе. Нават самыя, як то кажуць людзі, крынжовыя. Таму што любы бабёр – гэта адпавяданне нашай існасці. І хачу заўважыць, што шмат з іх надзеленыя чалавечымі рысамі: а то мне часта кажуць, што я не сапраўдны бабер. А вось паглядзіце на бабруйскія скульптуры – яны ўсе падобныя на мяне.