Дар’я Роскач – мастачка, паэтка, выкладніца моўных курсаў для дзетак і дарослых. А нядаўна дзяўчына запусціла яшчэ і тыкток, у якім у вобразе Бабра расказвае гісторыю Бабруйска.
Усе фота з асабістага архіва гераіні
Даша, як з’явілася ідэя рабіць гістарычны тыкток для дзяцей і падлеткаў?
– Я настаўніца, таму часам шукаю дзіцячы кантэнт па-беларуску ў інтэрнэце і бачу, што яго пачало з’яўляцца больш. Але практычна ўвесь гістарычны кантэнт разлічаны на дарослых. Ён падаецца навукова, сур’ёзна, і не чапляе малых гледачоў. Але часам і дарослым хочацца адпачыць, і паглядзець штось адукацыйнае ў лёгкім фармаце.
Тое ж тычыцца кантэнту пра Бабруйск – ён скіраваны ў першую чаргу на дарослых. Недахоп матэрыялаў склаўся ў ідэю самой рабіць тыкток. Пачала думаць над фарматам, як усё падаць цікавей для маёй мэтавай аўдыторыі.
Тыкток – папулярная платформа, магчыма, мой канал спрацуе як маленькі старт, з якога можна будзе зрабіць штосьці больш маштабнае. Адзіны мінус – не зусім зразумела, як выйсці менавіта на свайго гледача. Бо ты выходзіш на аўдыторыю беларусаў, але паўстае пытанне, ці яны таго ўзросту, які мне ў першую чаргу хацелася б ахапіць. Думаю, з цягам часу дам гэтаму рады.
Ці ёсць ужо водгукі на канал, станоўчыя ці крытычныя?
– Адмоўных пакуль не было, як і хейтарскіх. Самы «страшны» камент быў пра «курвабабра» – але гэта ж вядомы мем, нават не лічу яго за негатыўны.
Пазітыўныя – так, былі, нават знаёмыя выказвалі меркаванні. Таксама ў школе, у якой я выкладаю беларускую мову дзеткам выявілася, што адзін з супрацоўнікаў глядзіць мой тыкток, сказаў, што цікава. Ведаю, што некаторыя бабруйцы спецыяльна рэгістраваліся ў тыктоку, каб сачыць за выпускамі Гістарычнага Бабра. Гэта прыемна.